beltur.by

Адпачынак у Беларусі

Заслаўскае вадасховішча

Заслаўскае вадасховішча, або Мінскае мора знаходзіцца на тэрыторыі Мінскага раёна. Размешчана на рацэ Свіслач і ўваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Вадасховішча створана ў 1956 годзе і з'яўляецца другім па велічыні штучным вадаёмам Беларусі. Плошча Мінскага мора складае 25,6 км2, пры даўжыні 9 км і максімальнай шырыні - 4 км. Найбольшая глыбіня - 8,6 м. Берагі спадзістыя, паўднёвыя і заходнія бакі акружаны лесам з пасадкамі таполяў, вербаў, акацый. На вадасховішчы ёсць 11 невялікіх жывапісных астравоў.

Мінскае мора з'яўляецца папулярным месцам для рыбалкі. Часцей за ўсё тут ловяць рыбу з лодкі, аднак з-за магчымага моцнага ветру, а з прычыны гэтага і хваляў, гэты занятак не заўсёды можа быць бяспечным. Акрамя таго трэба паклапаціцца аб добрым якары. У вадасховішчы водзяцца лешч, судак, акунь, падлешчык, плотка, шчупак, лінь. Таксама сустракаюцца ёрш, уклея, карась і пячкур.

Заслаўскае вадасховішча ўваходзіць у зону адпачынку «Мінскае мора». У межах раёна знаходзяцца санаторыі і базы адпачынку, дзіцячыя лагеры, базы для рыбаловаў-аматараў і інш. На Заслаўскім вадасховішчы ёсць дзевяць уладкаваных чыстых пляжаў з пясчаным пакрыццём і газонамі. Для бяспекі адпачывальнікаў на возеры ўстаноўлены буйкі. Ёсць спартыўныя пляцоўкі, працуе пункт пракату. Тут Вы можаце пакатацца на катамаране, вёсельнай лодцы, яхце або ўзяць ўрокі віндсерфінгу, здзейсніць прагулку на цеплаходзе.